Авторизация
Логин:
Пароль:
Регистрация
Забыли свой пароль?
Рассылка новостей

У Музеі Беларускага Палесся абноўлена выстава рэгіянальнай этнаграфіі

08.02.2018

У Музеі Беларускага Палесся абноўлена выстава рэгіянальнай этнаграфіі

Редакция газеты "Пiнскi веснiк"

У Музеі Беларускага Палесся агляд экспазіцыі пачынаецца… ад печы. Абноўлена выстава рэгіянальнай этнаграфіі.

Экспазіцыя прадстаўляе сабой своеасаблівую сялянскую хату пачатку ХХ стагоддзя. Самым старажытным тыпам жылля можна назваць адназрубную пабудову з тарцавым уваходам і пераважна без дымахода. Пазней з’явілася хата з двух памяшканняў: хата і сенцы. Гэты тып жылля быў найболей распаўсюджаны на Палессі.

Даваенны быт жыхароў Палесся прадстаўлены наступным чынам: печ з гаршком на цьмеючых вуглях, а каля яе качарга і чаплі (ці ражна), з аднаго боку ад печы бабін кут, а з другога ляжанка. Каля ляжанкі дзіцячая каляска, хадункі і ложачак.
У кожнай хаце быў куфар, або нават некалькі. І ў адным з іх складваўся пасаг. Паказаны ў хаце і «чырвоны кут», дзе пад вобразам стаіць падыходзячы хлеб. Этнаграфічны куток музея прадстаўлены дзвюма куфарамі (з Выжлавічаў і з Перахрэсця).

У сенях знаходзіліся розныя прадметы побыту. Напрыклад, ступа з таўкачом, шуфлік, лямпа газавая, сіта, цэбар, бочка, жорны і іншыя.

Патрэбна адзначыць, што цяпер у этнаграфічнай экспазіцыі музея прадстаўлены ўсе промыслы палешукоў, у тым ліку прадзенне і ткацтва. У гэтым куточку наведвальнікаў чакаюць рушнікі розных палескіх мясцовасцей. Менавіта пінскі рушнік адрозніваецца тым, што ён не багаты на ўзор па ўсёй даўжыні, а вось бліжэй да краёў палосак становіцца больш, і паміж чырвоных з’яўляюцца чорныя. Дарэчы, рушнікі ёсць як абрадавыя, так і побытавыя. Тут жа змяшчаюцца прадзільны станок, трапло, верацяно, юрок  і іншыя прыстасаванні для апрацоўкі льну.

Насупраць разнастайна дэманструюцца мясцовыя строі. Дарэчы, зараз часта ўзнікаюць спрэчкі наконт абутку скульптуры «Пінчука» на вуліцы Леніна: ці былі тады ў палешукоў боты? Дык вось у музеі можна ўбачыць варыянт мужскога строю, у якім ёсць мотальскія боты з драўлянымі цвікамі (іх рабілі на пінскай фабрыцы ботавых цвікоў – зараз гэта ЗАО «Холдынгавая кампанія «Пінскдрэў»).

Дрэваапрацоўчы промысел прадстаўлены дзежкай, каўшом, барылкай, кубкам. Самы каштоўны экспанат у гэтым куточку - драўляны ровар. Размешчаны тут і сталярны станок, на якім ствараліся вырабы з дрэва.

Разнастайным посудам пачатку ХХ стагоддзя «ўпрыгожаны» воз. Ён нібы падрыхтаванны ехаць на кірмаш. Тут ёсць як пагост-загародскія горшчыкі, так і гараднянскія. А ў куточку поруч стаіць і сам ганчарны круг.

Далей можна ўбачыць, з дапамогай якіх прыстасаванняў на Палессі лавілі рыбу (невад, каробка для лоўлі в’юноў, садок і іншыя). Дарэчы, ёсць тут адзін цікавы экспанат – захаваная частка дзяўблёнага чаўна. Яго знайшлі падчас засухі каля вёскі Стытычава.

Ужо не аднойчы ў Пінску надавалася ўвага бортніцтву. А ў этнаграфічнай выставе музея прадстаўлены старыя прадметы пчалярства. Сярод іх вулей рамны, рамка з воскам, сам воск, лязіва (прыстасаванне для пад’ему на дрэва), дымар і іншыя.

Там жа і экспазіцыя, прысвечаная кавальскай справе. Тут можна ўбачыць печ, розныя малаткі і вырабы з жалеза. 
Этнаграфічны аддзел музея стаў больш прыстасаваны да музейных заняткаў і інтэрактыўных экскурсій. Для індывідуальных наведвальнікаў размешчаны апісанні побыту і промыслу, а кожны экспанат падпісаны.


Возврат к списку



    Национальный правовой Интернет-портал Республики Беларусь       

  

                      
При использовании материалов сайта 
прямая ссылка на www.pinsk.gov.by обязательна.
Разработка:БизнесПрограммы